ткацкія вырабы ручной ці машыннай вытворчасці, якія вызначаюцца мастацкасцю арнаментацыі, прыгажосцю расфарбоўкі, высокім майстэрствам выканання: від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вырабляюць з шарсцяных, ільняных, баваўняных, шаўковых, сінт., штучных нітак, арнаментуюць перапляценнем іх у працэсе ткацтва, набіваннем малюнка (гл.Набіванка), вышыўкай, батыкам, аплікацыяй і інш. Прызначаюцца для вырабу адзення, аздаблення мэблі, інтэр’ераў і інш. Характар маст. афармлення Т.м. абумоўліваецца іх прызначэннем, матэрыялам, тэхн. магчымасцямі выканання, адлюстроўвае стылістычныя асаблівасці розных эпох у развіцці мастацтва, этнічныя, нац., сац. адметнасці і інш. Вядомы амаль усім народам з глыбокай старажытнасці. Высокай мастацкасцю з 2-га тыс. да н.э. славіліся кіт. і яп. (пераважна шаўковыя), інд. баваўняныя з набіўным узорам, іранскія і тур. шарсцяныя і шаўковыя тканіны, вырабы народаў Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, габелены, карункі, тканіны Італіі, Францыі і інш.
На Беларусі Т.м. вядомы з 11—13 ст., калі ва ўжытак увайшоў гарызантальны ткацкі станок з нітамі і панажамі — кросны і пашырылася вышыўка. Высокім узроўнем вызначалася прадукцыя рамесных ткацкіх цэхаў 15—17 ст. У 18 ст. на прадпрыемствах мануфактурнага тыпу ў Карэлічах, Міры, Камянцы, Нясвіжы, Альбе, Гродне, Слоніме ткалі шпалеры сюжэтна-тэматычнага характару (гл.Карэліцкія шпалеры), ворсавыя дываны, узорыстыя кілімы, шаўковыя паясы, тканіны для абіўкі сцен і інш. (гл.Нясвіжскія паясы, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, Гродзенскія паясы). Шырокую вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы і інш. вырабы (галуны, пазументы, стужкі) Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. Шклоўская мануфактура славілася арнаментаванымі тканымі шпалерамі, паясамі і тканінамі з залатым шыццём; у фальварку Сямёнаўка каля Шклова залатымі, сярэбранымі і шаўковымі ніткамі вышывалі жаночае і мужчынскае адзенне. Многія Т.м. вызначаліся спалучэннем усх., заходнееўрап. і мясц. традыцый і матываў. У 19 ст. цэхавая і мануфактурная вытв-сць Т.м. саступіла месца прамысл. машыннай. З канца 19 ст. з паляпшэннем інтэр’ера традыц. жылля, пашырэннем новых ткацкіх тэхнік Т.м. пашырыліся і ў нар. побыце. Традыц. палатняная, браная, выбарная, саржавая тэхнікі ткацтва, што здаўна ўжываліся для вырабу адзення, ручнікоў, абрусаў, дапоўніліся пераборнай, шматнітавой і інш. тэхнікамі, якія ўзбагацілі колеравы і арнаментальны дыяпазон вырабаў. Паласаты ці клятчасты дэкор палатнянага або рыпсавага перапляцення, ромбагеам. арнамент браных і выбарных тканін чырвона-белага каларыту узбагаціўся новымі матывамі (стылізаванымі расл., арнітаморфнымі, зааморфнымі і інш.), каларыстыкай вырабаў. Пашырыліся Т.м. інтэр’ернага прызначэння (посцілкі, дываны, ручнікі, сурвэткі, фіранкі і інш.), выкананыя разнастайнымі відамі перабору з прыціскной асновай, дэкар. відамі ажурнага ткацтва, вышыўкай крыжыкам, паліхромнай адвольнай гладдзю і інш. У 1 -й пал. 20 ст.вытв-сцьтрадыц.нар. Т.м. скарацілася, пераважалі вырабы фабрычнай тэкстыльнай вытв-сці, малюнкі для якіх стваралі спецыялісты-мастакі. Традыцыі нар. ўзорыстага ткацтва ў 1930—50-я г. прадоўжылі маст. арцелі (выраблялі тканыя і вышываныя абрусы, ручнікі, хусткі, сурвэткі, шторы, блузкі, сукенкі, мужчынскія сарочкі і інш.), з 1960-х г. — ф-кі маст. вырабаў, у асартыменце якіх посцілкі, дываны, накідкі на крэслы, абрусы, сурвэткі, ручнікі, адзенне і інш., выкананыя і аздобленыя ў традыцыях нар. Т.м. Акрамя традыц. тэхнік ткацтва і аздаблення выкарыстоўваюцца і новыя: ручная размалёўка, машынная вышыўка, аэраграфія, батык і інш. Разнастайнасцю арнаментыкі, сакавітасцю і яркасцю малюнка вызначаюцца посцілкі, дываны, ручнікі работы нар. майстроў. З 1960-х г. адрадзіўся бел. габелен. Створаныя паводле кардонаў вядомых мастакоў габелены і габелены-заслоны сюжэтна-тэматычнага і арнаментальна-дэкар. характару аздабляюць інтэр’еры грамадскіх і адм. будынкаў. У наш час Т.м. падарункавага, сувенірнага, маст. характару, для аздаблення грамадскіх будынкаў, сцэн. касцюмаў для самадзейных і прафес. калектываў і інш. ствараюць нар. майстры, мастакі-тэкстыльшчыкі, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць), прамысловыя Т.м. — на тэкстыльных ф-ках, камбінатах і аб’яднаннях.
Літ.:
Соболев Н.Н. Очерки по истории украшения тканей. М.; Л., 1934;
Руденко С.И. Древнейшие в мире художественные ковры и ткани... М., 1968;
Бирюкова Н.Ю. Западноевропейские набивные ткани 16—18 в.: Собрание Гос. Эрмитажа. М., 1973;
Козлов В.Н. Основы художественного оформления текстильных изделий. М., 1981;
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус.Мн., 1996;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Тканіны мастацкія. Копцкая габеленавая тканіна. 4 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Арнат з г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Фрагмент. 18 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Шпалера «Паляванне на аленя». Германія. Канец 15 — пач. 16 ст.Да арт.Тканіны мастацкія. Аксаміт. Францыя. 1868.Да арт.Тканіны мастацкая. А.Сушчынская. Посцілка. Вёска Істакі Лідскага раёна Гродзенскай вобл. 1980.